Сайт о Бобруйске и бобруйчанах

Людміла Крылова: “Беларуская мова мае будучыню”

Кожная краіна мае сваю мову. Не выключэнне і Рэспубліка Беларусь. Беларусы па праву могуць ганарыцца сваёй родная мовай — старажытнай, мілагучнай, багатай. Але, на жаль, пачуць яе  амаль не магчыма, бо размаўляюць на ёй адзінкі. Таму я была прыемна здзіўлена, калі пачула беларускую мову з вуснаў дзяцей, падлеткаў і дарослых у дзіцячым аздараўленчым лагеры дзеннага знаходжання “Сузор’е” Дзяржаўнай установы адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г. Бабруйска”. Як аказалася, па ініцыятыве намесніка дырэктара Цэнтра Л.У. Крыловай на перыяд змены “Вяртанне да вытокаў” выхаванцы лагера сталі краязнаўцамі і прайшлі пуцявінамі Беларусі, дзе пазнаеміліся з культурай і мовай роднага краю, удзельнічалі ў акцыях, конкурсах, святах (прычым, на святах яны пелі толькі беларускія песні, развучвалі і танцавалі толькі беларускія танцы), выдавалі насценныя газеты на беларускай мове. Праект “Вяртанне да вытокаў” Людмілы Уладзіміраўны Крыловай, быў прадстаўлены  на рэспубліканскі агляд- конкурс на  “Лепшы праэкт аздараўленчага  лагера ў  2016 годдзе”. Вельмі прыемна аздначыць, што ён удастоены Дыплома першай ступені. З гэтай нагоды і  адбылася наша сустрэча з Людміла Уладзіміраўнай.

— Людміла Уладзіміраўна, як узнікла думка па стварэнню праекта?

— Аблічча кожнай нацыі вызначае нацыянальная культура: разнастайная мастацкая творчасць, народныя рамествы, традыцыі і звычаі, а ў першую чаргу – мова. Так склалася, што многія жыхары Беларусі  не праяўляюць цікавасці да гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, лічачы яе нецікавай, простай, незаслугоўваючай увагі. На жаль, сучасная моладзь страчвае сувязь з традыцыямі і абрадамі старажытных беларусаў. Захаванне і папулярызацыя народных традыцый і абрадаў – справа энтузіястаў. У нашай краіне існуе шмат праблем. Але самай актуальнай праблемай 21 стагоддзя многія   выбралі б праблему беларускай мовы, яе ўжыванне і прапаганду ў сучасным грамадстве. Мы ўсё менш і менш ужываем беларускую мову ў нашым паўсядзённым жыцці. Пачынаем паціху страчваць нашае найважнейшае багацце – нашу мову, на якой размаўлялі нашыя прадзеды, дзяды і, на жаль, радзей ужо бацькі. На жаль, многія лічаць беларускую мову сялянскай, саромеюцца на ей размаўляць. А між тым, асноўнай каштоўнасцю, якую мы павінны захаваць і перадаць нашчадкам, з’яўляецца мова — душа народа, а наш народ хоча пазбавіцца сваёй душы, як непатрэбнай рэчы. Мы з навучэнцамі аб’аднання па інтарэсах “Роднае слова” правялі анкетаванне, якое датычылася ўжывання імі беларускай мовы. 67% рэспандэнтаў адказала, што чытаюць на беларускай мове цікавую інфармацыю, 92% — разумеюць прачытанае або пачутае. Не размаўляюць на беларускай мове па прычыне «сорамна» 27%, не валодаюць — 52%, непрыгожая — 5 %, а размаўляюць(у пэўным асяродку, або заўсёды) — 16 %. Парадавалі адказы на першае пытанне анкеты аб неабходнасці існавання беларускай мовы: 98% апытаных згадзіліся, што родная, беларуская мова павінна жыць.

На жаль, і ў дадатковай адукацыі накірунак “Краязнаўства” апошнім часам развіваецца не актыўна. Усе менш дзяцей імкнецца да такой складанай даследчай дзейнасці. Магчыма, з-за недахопу высокакваліфікаваных і зацікаўленых сваей прафесіяй педагогаў сення дадзеная дзейнасць у заняпадзе. Менавіта па гэтай прычыне і ўзнікла думка аб адлюстраванні гэтай праблемы ў праекце “Вяртанне да вытокаў”. Прапанаваная сістэма работы ў час рэалізацыі праекта была пабудавана так, каб у навучэнцаў самастойна выпрацоўвалася жаданне вывучаць беларускую мову і культуру, займацца практычнай дзейнасцю на карысць роднага краю. Трэба ўсвядоміць, што  чым болей нацыянальнага ў выхаванні,   тым мацней, духоўна багацей нацыя. Многія заданні праекта прапанавана ўдзельнікам выканаць на беларускай мове. Мову прапаноўвалася вучыць у цікавай форме, праз гульню. Навізна дадзенага праекта ў пераемнасці аднаго праекта “Пароль неўміручасці – роднае слова”, у якім дзеці прымалі ўдзел на працягу вучэбнага года, другім –“Вяртанне да вытокаў”. На працягу года ўдзельнікі праекта “Пароль неўміручасці – роднае слова”прымалі ўдзел у розных мерапрыемствах, такіх, напрыклад, як выстава літаратуры “Славутыя імены Беларускага друку”, свята роднай мовы “Слова роднае – вечнасці след” і інш. Такім чынам, увайсці ў праект “Вяртанне да вытокаў” многім удзельнікам было нескладана.

— Якая асноўная ідэя праэкта, якія задачы Вы ставілі перад педагогамі, занятымі ў праэкце?

— Перш за ўсё, гэта папулярызацыя сярод падлеткаў беларускай мовы як адной з дзяржаўных моў нашай краіны, знаёмства іх з некаторымі элементамі лексікі беларускай мовы, з экалагічнай, эканамічнай, культурнай сітуацыяй у дзяржаве, з гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі, найлепшымі ўзорамі, мастацкай культуры. Мы імкнуліся стварыць умовы для самастойнай даследніцка-пошукавай работы падлеткаў, раскрыць іх творчы патэнцыял праз практычную дзейнасць пры вывучэнні лексічнага багацця беларускай мовы.

—Трэба адзначыць, і я ў гэтым упэўнілася, наведваючы мерапрыемствы ў атрадах і ў лагеры, што дзеці з задавальненнем размаўлялі на роднай мове і выконвалі шмалікія заданні. У чым сакрэт поспеху?

— Для таго, каб нешта атрымалася, трэба самому загарэцца той справай, якую плануеш распачаць. На сабе неаднойчы ўпэўнівалася, што, калі гарыш сам, можаш запаліць іншых, а яшчэ трэба быць прафесіяналам сваей справы. У нас у лагеры працавалі менавіта такія педагогі. Яны самі з задавальненнем уключыліся ў праэкт і змаглі зацікавіць дзяцей, павесці за сабой.

— У чым асноўная сутнасць праэкта “Вяртання да вытокаў”?

— Удзельнікі праекта на перыяд змены сталі краязнаўцамі, якія адправіліся ў экспедыцыю па Беларусі, каб пазнаеміцца з культурай, гісторыяй, эканомікай роднага краю. Рэалізоўваўся праект шляхам арганізацыі даследчай дзейнасці, работы часовых аб’яднанняў (майстэрняў), узаемадзеяння з партнёрамі, удзелу ў акцыях, конкурсах, святах. На пачатак змены, у час адкрыцця, удзельнікі атрымалі заплечнікі, у якіх знаходзіліся маршрутныя лісты тэрыторый, карта Беларусі, ліст для вандроўнікаў з інструкцыяй і парадамі. У дадзеных лістах аўтары праекта прапаноўвалі ў час падарожжа знайсці на Беларусі адметныя асаблівасці краіны, цікавыя і малазнаемыя мясціны, абрады, традыцыі беларускага народа. Кожны дзень атрадам прапаноўвалі заданні для краязнаўчай групы. Выканаўшы тэматычныя заданні дня, дзеці праходзілі пэўную тэрыторыю маршрута.

На працягу змены ўдзельнікі перамяшчаліся па тэрыторыях праекта, знаемячыся з культурай і гісторыяй Беларусі. Паслядоўнасць наведвання кожнага накірунка вызначалі мадэратары (педагогі-арганізатары) у атрадзе самастойна, зыходзячы з магчымасцей клуба і выхавацелей. За пройдзеную тэрыторыю атрад атрымліваў Зорку, ствараючы сузор’е падарожжа. Мясціны на пройдзеным шляху віртуальна ці наяўна адзначаюцца на карце Беларусі ўмоўнымі абазначэннямі-знакамі.

За час работы праекта працавалі модулі: “7 цудаў Беларусі”, “Размаўляй са мной па-беларуску”, “10 спраў, якія я магу зрабіць для сваей краіны”, за выкананнем якіх сачылі каардынатары.   За  змену  атрады лагера сустракаліся ўсяго тройчы: на адкрыцці лагера “Мы родам з Беларусі”, квэст-гульні “Пуцявінамі Беларусі”, абароне праекта “Сувязь з будучым праз мінулае”. Напрыканцы змены краязнаўцы прадставілі творчую абарону работы за змену. Гэта маглі быць відэаролікі, дэфіле касцюма, сцэнічныя нумары, сэлфі-справаздача і інш. Абавязкова прадстаўлялася справаздача па выкананні модуляў.

— Людміла Уладзіміраўна, як вы лічыце, вам у праэкце ўдалося рэалізаваць усе задумкі?

— Кожны праект павінен мець сваю асаблівасць. Калі працаваць толькі па шаблону, дзецям хутка стане сумна, і наўрад у іх з’явіцца жаданне прыняць удзел у мерапрыемствах у наступны раз. Калі мы ладзілі праект на беларускай мове, для нас гэта была рызыка: ці зразумеюць нас дзеці, ці пойдуць за намі, ці зможам мы іх зацікавіць. І мне вельмі прыемна, што дзеці з першага кроку зацікавіліся праектам і ўключыліся ў яго. Мала таго, яны зацікавілі праектам сваіх бацькоў, і тыя, у сваю чаргу, дапамагалі ім выконваць заданні. Летапіс на берасце – гэта ідэя бацькоў. Яны разам са сваімі дзецьмі яе і рэалізвалі. Гэта з’явілася павышэннем матывацыі да вывучэння культурна-гістарычнай спадчыны краіны, павага традыцый, абрадаў,звычаяў.

Удзельнікі змены мелі магчымасць кожны дзень пашыраць свае веды па роднай мове. Яны з задавальненнем і азартам выконвалі заданні, якія атрымлівалі ад кіраўнікоў праекта кожны дзень. Дзеці рабілі пераклады, знаходзілі эквіваленты фразеалагізмам, прыдумвалі назвы на беларускай мове і выконвалі іншыя заданні. За час рэалізацыі модульнага праекта ўдзельнікі змены складалі слоўнік (заданне “Складаем слоўнік разам”) вывучаных за перыяд змены цікавых слоў на беларускай мове. Выхаванцы лагера з цікавасцю шукалі на тэрыторыі г. Бабруйска назвы, напісаныя на беларускай мове. Гэта магла быць рэклама, назва крамы, шыльда, афіша, назва прадукта і іншае і рабілі там сэлфі. Такім чынам, удзельнкі набывалі навыкі правядзення вучэбна-даследчай дзейнасці. Кожны дзень у лагеры працаваў віртуальны “ONLINE-перакладчык” – “Слова дня”, дзякуючы якому дзеці папоўнілі свой лексікон невядомымі ім раней беларускімі словамі.

На працягу змены дзеці праводзілі анкетаванне знаемых, бацькоў на прадмет выяўлення сімвалаў Беларусі, якія на думку насельніцтва асацыіруюцца з нашай Радзімай. У выніку даследніцкай дзейнасці яны склалі пералік 7-мі найбольш папулярных сярод рэспандэнтаў сімвалаў Беларусі, а на аснове знаемства з мясцовасцю пэўнай тэрыторыі склалі для вандроўнікаў новы маршрут аднаго дня па Беларусі.

— Людміла Уладзіміраўна, звычайна пасля кожнай справы падводзяцца вынікі. Якія вынікі мае распрацаваны вамі праэкт?

— Сённяшнія падлеткі – гэта заўтрашні дзень нашай краіны, і ў лагеры праз модуль “10 спраў, якія я магу зрабіць для сваей краіны” мы далі магчымасць выханаўцам вызначыць дзейсныя і эфектыўныя крокі, якія яны могуць зрабіць ужо зараз для развіцця сваей краіны. Назіраючы за гістарычным, культурным і эканамічным развіццем краіны, навучэнцы склалі пералік мэтазгодных прапаноў свайго ўдзелу ў развіцці Беларусі, захаванні каштоўнасцей гісторыі і культуры, з ахвотай самастойна і ў рамках праекта прымалі актыўны ўдзел у дабрачынных акцыях.

Што датычыцца выкарыстання беларускай мовы падлеткамі і дарослымі, то ў лагеры для іх гэта была норма, і, што самае галоўнае, размаўляць па-беларуску ім падабалася. Не важна, дзе яны былі – на экскурсіі ці прымалі ўдзел у мерапрыемствах, паўсюдна гучала наша родная мова. Мне прыемна адзначыць, што дзеці размаўлялі на ёй свабодна і з задавальненнем, не саромеючыся. Значыцца, у нас усе атрымалася, і я спадзяюся, што нашы намаганні і спробы дапамогуць зрабіць маленькі крок насустрач да мовы.

Прыйдзе час, і сённяшнія навучэнцы будуць вызначаць будучыню роднай Беларусі. Якой будзе будучае нашай краіны, наколькі мы будзем вылучацца сярод іншых народаў свету, ці адолеем мы быць арыгінальнымі і самабытнымі, залежыць ад моладзі. Захаваць Беларусь не краем Расіі, а самастойнай дзяржавай са сваей адметнай, славутай гісторыяй і культурай – задача нашых нашчадкаў.

— Людзміла Уладзіміраўна, распрацаваць праэкт “Вяртанне да вытокаў” мог только чалавек, улюбены ў беларускую мову. Адкуль любоў да роднай мовы?

— Беларуская мова прыйшла ў маё жыццё невыпадкова. Мой бацька родам з Гродненскай вобласці. Аграном па прафесіі, ён любіць і паважае беларускую мову і не толькі размаўляе на ёй, але з павагай ставіцца да культуры і гісторыіі беларускага народа і добра іх ведае, чытае кнігі беларускіх пісьменнікаў. Мова для яго сапраўды родная. Бацька з дзяцінства прывіваў нам, сваім дзецям, павагу і любоў да нашай спадчыны. Дома мы размаўлялі на беларускай мове. Менавіта дзякуючы бацьку я ўпэўнілася ў тым, што наша мова жывая, што ў яе ёсць будучыня нават не гледзячы на тое, што на ёй размаўляе невялікі працэнт беларусаў. Сёння ў мяне ў сям’і пастаянна гучыць родная мова. На ёй з задавальненнем размаўляюць мае дочкі, і, я вам скажу, ім гэта падабаецца. Калі я працавала выкладчыцай беларускай мовы, я размаўляла на ёй пастаянна, а не только на ўроках. Калі праз гады я сустрэла сваіх былых выпускнікоў і стала размаўляць з імі на рускай мове, яны былі шакіраваны гэтым, бо лічылі, што іншай мовы, як беларуская, для мяне не існуе. Я вельмі хачу, каб беларуская мова стала для беларусаў сапраўды роднай, каб яна гучала паўсямесна. І, лічу, гэта рэальным.

— Дзякую за размову. Я спадзяюся, што Ваша работа па папулярызацыі беларускай мовы дасць дружныя ўсходы, і прыйдзе час, калі на вуліцах Беларусі загучыць наша мілагучная беларуская мова.

Алена Бегуновіч.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Печать
Вам также могут понравиться
0 0 голоса
Рейтинг статьи
Subscribe
Уведомлять меня о
guest

0 комментариев
старым
новым рейтингу
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: