Сайт о Бобруйске и бобруйчанах

Што трэба для таго, каб рэалізоўваліся нават самыя дзёрзкія па сваёй смеласці праекты

«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея, прысвечанага творчасці Алеся Адамовіча.

Так атрымалася, што справа са стварэннем музея ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна зацягнулася на нявызначаны час. Затое мы сталі сведкамі таго, як за зусім невялікі перыяд адзін звычайны чалавек — не бізнесмен, не чыноўнік, не кіраўнік нейкага прадпрыемства — змог зрабіць для ўвекавечання памяці Алеся Адамовіча так многа.


Пра­ект па ўста­ноў­цы бюс­та Але­ся Ада­мо­ві­ча ў Глу­шы гра­мад­скасць пры­зна­ла найлеп­шым у на­мі­на­цыі «Парт­нёр­ства го­да».

Пра­ект па ўста­ноў­цы бюс­та Але­ся Ада­мо­ві­ча ў Глу­шы гра­мад­скасць пры­зна­ла найлеп­шым у на­мі­на­цыі «Парт­нёр­ства го­да».

Мы ўвесь час назіралі (і пісалі), з якім імпэтам і натхненнем бабруйскі хлопец Андрусь Архіпенка займаўся пошукам сродкаў на помнік Алеся Адамовіча ў Глушы, як ён удзельнічаў у краўдфандынгавых кампаніях, слаў лісты ва ўсе канцы свету да вядомых людзей з заклікам падтрымаць праект. Як вынік, за апошнія два гады ў Глушы з’явіўся не толькі бюст пісьменніка, але яшчэ і арт-прыпынак з фотапартрэтам Адамовіча і словамі з яго апошняга твора. Актыўнасць Андрэя паспрыяла таму, што вакол яго ўтварылася цэлая суполка, ініцыятыўная група, якая дапамагла ўсе гэтыя праекты рэалізаваць. Прэцэдэнт у маштабах вобласці даволі рэдкі, асабліва, што датычыцца раёнаў. Нездарма магілёўскі Цэнтр гарадскіх ініцыятыў азначыў Андруся і яго каманду спецыяльнай прэміяй — «Пра рэгіён».

— Мы выбралі праект па Глушы таму, што ён вельмі важны для Магілёўскай вобласці, — адзначыў кіраўнік гэтай арганізацыі Юрый Стукалаў. — Гэта вельмі добры прыклад, калі каманда аднадумцаў, простых людзей можа сваім энтузіязмам ушанаваць памяць такога значнага для нашай гісторыі чалавека. Гэта прэмія ў вобласці грамадскага актывізму наогул уручаецца ўпершыню. Мы яе вырашылі заснаваць Цэнтрам гарадскіх ініцыятыў, каб надаць грамадскаму актывізму больш высокі статус. Каб жыхары горада і вобласці бачылі, што актывістам быць модна, крута. Каб такія прыклады натхнялі іншых і часцей знаходзіліся жадаючыя рабіць лепш не толькі для сябе самога, але і для ўсяго грамадства. Прынамсі, на ўзроўні раёнаў такога праекта дагэтуль яшчэ не было. З Андрэем мы пазнаёміліся падчас семінара ад нашай школы «Цяпліца» ў Бабруйску два гады таму, і ён адразу ж звярнуў на сябе ўвагу сваёй мэтанакіраванасцю. Мы нават дапамаглі яму адшліфаваць ідэю праекта па арт-аб’екце «Прыпынак Адамовіча».

Яшчэ адна грамадская арганізацыя ўручыла камандзе прэмію ў намінацыі «Партнёрства года». Стварэнне помніка пісьменніку ў Глушы было ацэнена як яскравы прыклад прыватна-дзяржаўнага супрацоўніцтва. Разам з іншымі была адзначана і былая старшыня Глушанскага сельскага Савета Марыя Сушчанка, якая дапамагла бабруйскім актывістам рэалізаваць праект. Пад яе кіраўніцтвам праводзілася добраўпарадкаванне тэрыторыі пад устаноўку помніка, высаджваліся туі. Марыя Сушчанка заўсёды з павагай ставілася да славутага земляка і рабіла ўсё для таго, каб і жыхары не забываліся, што іх з Адамовічам звязвае малая радзіма. Менавіта дзякуючы пісьменніку Глуша стала вядомай на ўвесь свет, а гэта, у сваю чаргу, абавязвае трымаць статус. За амаль 13 гадоў знаходжання на пасадзе старшыні яна сем разоў выводзіла сельсавет у лідары на ўзроўні раёна і па два разы — на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Дзесяць гадоў таму, дзякуючы яе перамозе ў конкурсе міжнародных праектаў, было створана свята вёскі — фестываль творчасці і рамёстваў «Глушанскі хутарок». Гэты фестываль цяпер набыў статус раённага. Пазалетась падчас яго і быў прэзентаваны арт-прыпынак у гонар вядомага земляка. Мы ўжо пісалі, як шмат намаганняў Марыя Сушчанка прыкладала для таго, каб у Глушы з’явіўся музей Алеся Адамовіча. Будынак легендарнай аптэкі — асноўнае месца дзеяння ў творах пісьменніка, захаваўся не без яе старанняў. Гэты дом знаходзіцца побач з сельсаветам і заўсёды быў, як той казаў, пад наглядам. Будынак у цяжкім стане, але ён — жывая гісторыя. І вельмі важна захаваць яго для нашчадкаў. Прыклад супрацоўніцтва Глушанскага сельсавета з прыватнай ініцыятывай на карысць пасёлка яшчэ раз пацвердзіў — разам можна вырашыць нават самыя, здавалася б, неверагодныя задумкі.

— Марыя Сушчанка ўвесь час нас падтрымлівала і натхняла, — кажа Андрусь Архіпенка. — З яе дапамогай было рэалізавана некалькі «адамовіцкіх» праектаў. І распачынаўся яшчэ адзін, які пакуль у рабоце. Летась мы з ініцыятыўнай групай заяўляліся на конкурс сацыяльных праектаў Socіal Weekend у спадзяванні выйграць грошы на добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол помніка Адамовічу. Перамагчы не атрымалася, але нас падтрымаў прыватны спонсар, які перадаў на развіццё ідэі тысячу рублёў, і ААТ «Беларусбанк», які прызнаў наш праект найлепшым у рамках Года малой радзімы і пералічыў на яго 10 тысяч рублёў (публікацыя ад 29.05.2019 — Аўт.). Мы ўжо набылі сцэну коштам 4200 рублёў для правядзення пасялковых святаў, дзве прыбіральні, а таксама тры паказальнікі і тры стэнды з інфармацыяй пра Адамовіча. Засталося ўсё гэта ўстанавіць на тэрыторыі Глушы.

Ма­гі­лёў­скі Цэнтр га­рад­скіх іні­цы­я­тыў аца­ніў ак­тыў­насць іні­цы­я­тыў­най гру­пы па ўве­ка­ве­чан­ні па­мя­ці Але­ся Ада­мо­ві­ча спе­цы­яль­най прэ­мі­яй «Пра рэ­гі­ён».

Ма­гі­лёў­скі Цэнтр га­рад­скіх іні­цы­я­тыў аца­ніў ак­тыў­насць іні­цы­я­тыў­най гру­пы па ўве­ка­ве­чан­ні па­мя­ці Але­ся Ада­мо­ві­ча спе­цы­яль­най прэ­мі­яй «Пра рэ­гі­ён».

Сёння абавязкі старшыні Глушанскага сельскага Савета выконвае новы не менш вопытны і дасведчаны работнік Таццяна Плоская. І тое, што датычыцца ўшанавання імя Адамовіча, яна лічыць важным і неабходным, бо гэта спрыяе развіццю пасёлка і выхаванню падрастаючага пакалення. «Гэта тая адметнасць, якой можна толькі ганарыцца», — падкрэсліла Таццяна Плоская.

Што датычыцца музея, то збор сродкаў на рэканструкцыю будынка аптэкі пад яго працягваецца. Гэты рахунак існуе пры Бабруйскім райвыканкаме. Нагадаем, самы вялікі ўнёсак — пяць тысяч долараў у эквіваленце — зрабіла нобелеўская лаўрэатка, вучаніца Алеся Адамовіча — Святлана Алексіевіч. Розныя сумы пералічылі працоўныя калектывы, у тым ліку Выдавецкі дом «Звязда», а таксама жыхары краіны. Апошнім часам паступленне сродкаў запаволілася, але ў нашых сілах усё змяніць.

р/р BY84AKBB36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК AKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Андруся Архіпенкі

zviazda.by

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Печать
Вам также могут понравиться

НАПИСАТЬ КОММЕНТАРИЙ

avatar
  Subscribe  
Уведомлять меня о

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: