Сайт о Бобруйске и бобруйчанах

Сям’я Крыловых з Бабруйска не толькі паважае свае беларускія карані, але і значна паглыбляе іх

Конкурс  “Міс Цэнтра  творчасці”.  Восем канкурсантак, прыгожых, эрудыраваных, кемлівых. Кампетэнтнае журы. Усе, як і павінна быць на конкурсе. Дзяўчаты вельмі сур’езна паставіліся да конкурса, і таму ўсе, без выключэння, аказаліся на вышыні. Усім былі прысуджаны тытулы, а вось карону і тытул “Міс Цэнтра творчасці” атрымыла Каця Крылова, якая ва ўсіх этапах конкурснай праграмы дэманстравала прыгажосць роднай мовы, самабытнасць традыцый.

   

—Калі я вырашыла прыняць удзел у гэтым конкурсе, я параілася з маці, на чым лепш зрабіць акцэнт пры падрыхтоўцы да яго.  І мы сумесна прыйшлі да высновы, што  ў нас з’явілася магчымасць прадэманстраваць прыгожосць і мілагучнасць нашай роднай  мовы, цудоўныя  беларускія  народныя танцы і неўміручыя традыцыі.  Мне прыйшлося прачытаць нямала дадатковай літаратуры, каб, напрыклад, да конкурса “Сюрпрыз, або здзіві журы”  сваімі рукамі зрабіць беларускія сувеніры. Усе неабходнае для іх стварэння, у тым ліку і ідэі, мы з маці шукалі ў Мінску. Прызнацца, я вельмі моцна хвалявалася, асабліва на перамогу не разлічвала, але па апладысментах гледачоў і журы я бачыла, што ім падабаюцца мае выступленні на этапах конкурса. І, як вынік, карона Міс.

Я лічу, што толькі мая любоў да роднай мовы, павага да традыцый,  беларускай культуры, да спадчыны,  якія мне прывілі мае дзядуля з бабуляй, маці з бацькам,  дапамаглі мне атрымаць гэты высокі тытул, — падзялілася Каця пасля трыумфальнай перамогі.

Згадзіцеся, не так часта можна пачуць з вуснаў  падлеткаў   шчырыя словы любові  да роднай мовы, да спадчыны, і прызнанне, што  карані гэтай “беларускасці”—  у сям’і.

Ад прадзедаў спакон вякоў…

Прадзеды і прабабкі  Станько былі звычайнымі сялянамі, роднай мовай якіх была беларуская. Але з цягам часу родную мову выцесніла руская. Усе радзей можна было пачуць беларускую гаворку у Беларусі.   Крыўдна стала ім: палякі размяўляюць на польскай мове, англічане — на англійскай, украінцы — на украінскай, а чаму ж беларусы сталі ў  паўсядзенным жыцці ужываць рускую мову або трасцянку?  І вырашылі, што  для іх сям’і роднай мовай будзе іх мілагучная беларуская мова. І ў сем’ях Станько ўсе размаўлялі толькі на роднай  мове. Ларыса і Уладзімір Станько, жыхары аграгарадка Цялуша, таксама сваёй родная мовай лічаць беларускую. Уладзімір Міхайлавіч родам з Гродзенскай вобласці. Аграном па прафесіі, ён любіць і паважае беларускую мову і не толькі размаўляе на ёй, але з павагай ставіцца да культуры і гісторыіі беларускага народа і добра іх ведае, чытае кнігі беларускіх пісьменнікаў. У сваіх  дзецях Людміле і Вадзіме яны  з маленства выхоўвалі любоў і павагу да роднага  краю, у якім яны нарадзіліся і жывуць. Дзеці з задавальненнем чыталі беларускамоўныя кнігі,  вывучалі гісторыю роднага краю.  Уладзімір Міхайлавіч прызнаецца: “Продкі  у нашай сям’і  заўсёды помнілі, што мы беларусы, і з пакалення  ў пакаленне  вучылі сваіх дзяцей цаніць і паважаць традыцыі, мову, культуру Беларусі. Гэтаму вучылі нас, а мы, у сваю чаргу, гэтаму вучылі сваіх дзяцей. Цяпер нашы дзеці вучаць гэтаму сваіх дзяцей, нашых унукаў. Але мы жывем у такі час, калі беларуская мова амаль што не гучыць на вуліцах нашай краіны, і, як бы там не было, асноўная дзяржаўная мова у Беларусі   руская. Нашы ўнукі вучацца  ў рускамоўных школах,  таму мы робім усе, што ад нас залежыць, каб яны дасканала ведалі і гісторыю Беларусі, і нашы традыцыі, і як мага часцей размаўлялі на роднай мове. Мне прыемна, калі  яны прызджаюць да нас у Цялушу і мы можам абмяркоўваць надзенныя пытанні  на беларускай  мове. Паступова дойдуць да гэтага і ўнукі. Нам прыемна, што наша дачка Людміла пайшла далей усіх: закончыла філалагічны факультэт універсітэта  і прывівае  любоў і павагу да  спадчыны, да роднай мовы падрастаючаму пакаленню. Мала таго, яна шмат увагі надае паглыбленню сваіх ведаў, якія тычацца традыцый нашых продкаў, беларускай культуры, займаецца пошукавай дзейнасцю, сустракаецца са старажыламі, якія памятаюць  да дробязей традыцыі  нашай краіны, спяваюць беларускія народныя песні, танцуюць народныя танцы.

Ларыса Федараўна: “Я ўпэўнена  ў тым, што наша мова жывая, што ў яе ёсць будучыня, нават нягледзячы на тое, што на ёй размаўляе невялікі працэнт беларусаў”

Мова, родная з дзяцінства

Для Людмілы Крыловай беларуская мова родная з дзяцінства. Яна прызнаецца, што,  дзякуючы бацьку, яна яшчэ ў маленстве  ўпэўнілася ў тым, што беларуская  мова жывая, што ў яе ёсць будучыня, нават нягледзячы на тое, што на ёй размаўляе невялікі працэнт беларусаў. Яшчэ ў школе ў яе з’явілася мара  стаць выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры, каб прывіваць  сваім вучням любоў да спадчыны і мовы. Сваю мару яна рэалізавала, і на працягу шасці гадоў працавала настаўнікам беларускай мовы ў «Сярэдняй школе  №19 г. Бабруйска”, затым ужо дэфектолагам там жа.

—Усе шэсць год  маёй працы ў школе  я размаўляла на родная мове пастаянна.  Калі праз гады я сустрэла сваіх былых выпускнікоў і стала размаўляць з імі на рускай мове, яны здзівіліся, бо былі ўпэўнены ў тым, што іншай мовы, як беларуская, для мяне не існуе. Я вельмі хачу, каб беларуская мова стала для беларусаў сапраўды роднай, каб яна гучала паўсюдна. І, лічу, гэта з часам рэальна.

У гэтым Людміла Уладзіміраўна ўпэўнілася, калі ў мінулым годзе рэалізоўваласвой аўтарскі  праект “Вяртанне да вытокаў”  у ДУА “ЦТДіМ г. Бабруйска”  у час работы летняга аздараўленчага лагера. На перыяд змены выхаванцы лагера сталі краязнаўцамі і прайшлі пуцявінамі Беларусі, дзе пазнаёміліся з культурай і мовай роднага краю, удзельнічалі ў акцыях, конкурсах, святах (прычым, на святах яны пелі толькі беларускія песні, развучвалі і танчылі толькі беларускія танцы), выдавалі насценныя газеты на беларускай мове. І, як адзначае Людміла Уладзіміраўна, рабілі дзеці  гэта з вялікім задавальненнем, без прымусу, і ім вельмі падабалася размаўляць на роднай  мове.

На абароне праэкта

Між іншым хочацца адзначыць, што праект “Вяртанне да вытокаў” Людмілы Крыловай, удастоены Дыплома першай ступені  ў вобласці і  быў прадстаўлены на рэспубліканскі агляд-конкурс “Лепшы праект аздараўленчага лагера ў 2016 годзе”, дзе і быў прэзентаваны для ўдзельнікаў рэспубліканскага семінара.

Людміла Уладзіміраўна чалавек, які захапляецца усім для сябе новым.Неяк прачытала аб’яву, што ў гарадскім парку адпачынку будзе праводзіцца майстар-клас па народных бытавых танцах. Вырашыла паглядзець, што гэта такое. Майстар –клас праводзілі прафесіяналы сваёй справы бабруйчане Юлія Літвінава,Зміцер  Мурашка і  Сяргей  Выскварка,   збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэограф, этнапедагог, арганізатар рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Пятровіца”  (г. Любань). Яны змаглі зацікавіць танцамі нават тых, хто прыйшоў у парк, як глядач.

Людміла і яе муж Аляксандр сталі ў танцавальнае кола і да сеняшнягя дня з яго не выходзяць, удасканальваючы і адтачваючы сваё  танцавальнае майстэрства.Пасля майстар-класа Сяргей Выскварка запрасіў Людмілу і Аляксандра на фестываль “Пятровіца” ў Любанскі раён. Крыловы запрашэнне прынялі з задавальненнем. І былі ўраджаны высокім узроўнем яго падрыхтоўкі і правядзення. Шматдзённы фэст даў ім магчымасць яшчэ лепш засвоіць асновы народных танцаў, пазнаёміцца з рознымі відамі рамёстваў, якія захаваліся на тэрыторыі сучаснага Любанскага раёна, пазнаёміцца  з носьбітамі народных традыцый, спевамі і танцамі,  з аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі. Багатая самабытная культура, падарожжы фальклорнымі сцежкамі ў вясковыя хаты і падворкі, знаёмства з краявідамі, майстар-класы па  вышыўцы, выцінанцы, смачныя вясковыя стравы, адпачынак і час праведзены з сябрамі —  аднадумцамі, пакінулі самыя лепшыя ўраджанні і ўспаміны. І дапамаглі зразумець, што яны на верным шляху.

—Калі ты адчуваеш, што гэта тваё, а не штучна створанае, не сцэнічнае, а сапраўднае, тое, чым жылі нашы продкі , становіцца яшчэ больш цікава,  хочацца авалодаць гэтымі ўменнямі як мага лепш, каб потым перадаць іх сваім вучням, — дзеліцца Людміла. —Я рада, што мяне падтрымліваюць мой муж, дзеці. Мы рэгулярна наведваем заняткі па бытавых танцах, і атрымліваем ад гэтага сапраўднае задавальненне.

За справу бяруцца шчыра і з душой

Пасля Пятровіцкага фестывалю Людміла далучылася да Юліі Літвінавай і Змітра Мурашкі, якія  выязджаюць у вескі Бабруйскага раёна, дзе пражываюць старажылы, каб з першых вуснаў даведацца аб традыцыях населеннага пункта, запісаць песні, нешта новае даведацца аб бытавых танцах. Яны сабралі  багаты матэрыял, што дало магчымасць распрацаваць праект  » Вечарынка  беларускіх танцаў у Бабруйску».

Пад яго рэалізацыю   былі выдзелены грашовыя сродкі. Юлія і  Зміцер  арганізоўвалі экспедыцыі ў вескі, а Людміла да іх далучылася,  ладзілі святы  для моладзі, сустрэчы са школьнікамі. У клубах па месцы жыхарства ДУА “ЦТДіМ г. Бабруйска” прайшлі святы “Пароль неўміручасці — роднае слова”, «Гуканне вясны», майстар-класы. І, як сцвярджае Людміла Уладзіміраўна, усе ўдзельнікі  мерапыемстваў  ад малога да вялікага,  з задавальненнем развучвалі  «Лявоніху» і «Кракавяк»,беларускія песні, гулялі ў гульні нашых продкаў. Ім гэта падабалася, што сведчыць аб тым, што, калі за справу бяруцца шчыра і з душой, усе атрымоўваецца на высокім узроўні.

Калі Людміла і Аляксандр усур’ез заняліся танцамі, яны зразумелі, што для стварэння канчатковага вобразу ў танцах спатрэбіцца наш народны строй. Бясспрэчна, можна было заказаць строй у прафесіянальных вышывальшчыц, але Людміла вырашыла вышыць кашулі для сябе і мужа сама.

— Існуюць пэўныя правілы, якія ў вясковай культуры асабліва не агучваюцца, але якія варта ўлічваць, калі вы хочаце быць апранутымі ў адпаведнасці з нашай традыцыяй. У народным строі — правераная стагоддзямі мудрасць продкаў, усё нязручнае даўно адфільтравалася, — расказвае Людміла Уладзіміраўна. — Вышытая сваімі рукамі кашуля ахінае цела, у месцах вышыўкі яна нібыта гарыць і бароніць цябе. Любое адзенне трэба ўмець насіць, гэта тычыцца і беларускага народнага строя. Калі я яго апранаю, адчуваю яго зручнасць і практычнасць. Адзенне быццам бы адлюстроўвае мудрасць нашых продкаў. Увогуле,  у строі праяўляецца прыхаваная прыгажосць чалавека, як мужчыны, так і жанчыны, знікаюць комплексы і з’яўляецца неверагодная ўнутраная свабода і адчуванне гонару.

Сення вечарамі Людміла пляце паяс і вышывае яшчэ адну кашулю, для свайго мужа, які ва ўсіх пачынаннях падтрымлівае Людмілу. Акрамя агульна-сямейных захапленняў ён яшчэ мае свае асабістые —рыбалку і ігру на гітары, і ў падарожжах, на святах гэты музычны ігструмент заўсёды з ім.

Размаўляючы  з Людмілай Уладзіміраўнай, я не пераставала здзіўляцца глыбыні яе ведаў традцый  і звычаяў  беларусаў, а яна, быццам ўлавіла ход маіх думак,  прыветна ўсміхнулася:

Мовай, гicторыяй, культурай Беларусі цiкаўлюся з дзяцiнства, бо лiчу гэта найважнейшымi нацыянальнымi каштоўнасцямi, якiя мы абавязаны захаваць i перадаць у спадчыну нашчадкам, нашым дзецям. Толькi тады ёсць надзея, што яны будуць вызначаць сябе сапраўднымi беларусамi.Кожны з нас павінен ведаць гісторыю і культуру свайго народа і такім чынам падтрымаць недатыкальнасць і своеасаблівасць нашых звычаяў і традыцый.У нашай сям’і  ўсе ад мала да вяліка цікавяцца культурай і гісторыяй Беларусі. Гэта вельмі важна, бо менавіта гэта дае адчуванне, што ты на сваім месцы ў гэтым жыцці.

Між іншым, Ларыса па сваёй сутнасці асоба шматгранная, і кола яе захапленняў вельмі шырокае. Акарамя таго, што яна захапілася вышываннем крыжыкам, яна ўжо шмат гадоў захапляецца вязаннем.  Не перастаюць яе родныя, сябры і проста знаёмыя захапляццца  яе прыгожымі, стыльнымі ўборамі, якія яна вяжа шэндлікам.

У яе гардэробе парадку 40-50 годных мадэляў, у якіх можна дэфеліраваць на подыумах высокай моды. Рэчы звязаныя ў розных тэхніках: фрыформ, ірландскія карункі, бругскія  карункі, філейныя сетка. Не раз яе сяброўкі і калегі выступалі на сцэне ў строях ад Людмілы Крыловай і ім пляскала ў далоні перапоўненая зала. Гэта захапленне ў Людмілы са студэнцтва. Людміла жыла ў цёткі, якая вязала кручком унікальныя рэчы, Людміла ж вязала пруткамі. У суаўтарстве ў іх атрымліваліся ўнікальныя рэчы, ад якіх часам складана было вочы адвесці. Паступова і Людміла навучылася таксама віртуозна, як у цёткі, вязаць кручком.Праўда, пазней  прыйшлося забыцца пра сваё захапленне: сям’я, праца, которай аддавалася цалкам, іншыя захапленні, бо катастрафічна не хапала часу для свайго хобі. Гэты час з’явіўся, калі нарадзілася дачка Кацюша. Ей  у рукі трапіў часопіс “Мода. Вязанне”, які прывезла сястра з Украіны. Пагартаўшы яго старонкі, Людміла ўбачыла шмат модных рэчаў, якія захацелася займець у сваім гардэробе. Прыдбала ніткі для вязання і справа зварухнулася. Успомніла ўсе, што ўмела і ведала па взянню, плюс шмат чаму навучылася ў ходзе працы над новымі рэчамі.  І сення калекцыі Людмілы Уладзіміраўны  можа пазайздросціць самая элегантная модніца.

Ёсць яшчэ адно, але ўжо цалкам сямейнае захапленне — падарожжы па роднаму краю. Кожны год Крыловы плануюць чарговую летнюю паездку па Беларусі. Дзе яны ўжо не пабывалі! Успамінаў шмат, і веды іх па гісторыіі роднага краю з кожным годам паглыбляюцца.  Ні адзўн значны фестываль, ні адно свята, якія ладзяцца ў Беларусі не прайшлі міма Крыловых.

—Нашы дзеці павінны ведаць родную Беларусь, і мы робім для гэтага ўсё ад нас залежачае, —канстатуе Людміла Уладзіміраўна.

Алена БЕГУНОВІЧ

Фота аўтара і з сямейнага архіву

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Печать
Вам также могут понравиться
0 0 голоса
Рейтинг статьи
Subscribe
Уведомлять меня о
guest

0 комментариев
старым
новым рейтингу
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: