У Бабруйскім раёне працягваюць уручаць юбілейныя медалі “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”
Устаноўлены юбілейны медаль “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Адпаведны указ №134 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 2 красавіка сёлетняга года. Учора юбілейныя медалі былі ўручаны жыхарам Сычкаўскага і Хімоўскага сельсаветаў — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням фашысцкіх лагераў, засценкаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны.
З гэтай нагоды ў Сычкаўскім сельскім клубе была наладжана ўрачыстасць і канцэрт. Медалі разам з віншавальнымі паштоўкамі ад Прэзідэнта Беларусі і старшыні Магілёўскага аблвыканкама з Днем Незалежнасці і 75-годдзем вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў уручылі начальнік аддзела прызыву на ваенную службу Ваеннага камісарыяту г. Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў, маёр Станіслаў Сіманаў, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Дзмітрый Вяроўкін і адказны сакратар Бабруйскага раённага Савета ветэранаў Валерый Казлоў. Яшчэ частцы ветэранаў медалі былі ўручаны па месцы жыхарства.