У Бабруйским раёне прайшли Зажынкі
Традыцыя святкаваць “Зажынкі”, якімі беларусы спрадвеку пачыналі ўборку хлябоў, каб падкрэсліць значнасць падзеі, атрымаць божае і прыроды блаславенне, на Бабруйшчыне працягваецца. Сёлетняе мерапрыемства прайшло на базе філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, куды сабраліся прадстаўнікі райвыканкама, кіраўнікі, галоўныя аграномы і лепшыя камбайнеры сельгасарганізацый.
Са шчырымі, цёплымі пажаданнямі плённай працы, добрага ўраджаю, спрыяльнага надвор’я і багатага хлебнага караваю да сельгасвытворцаў і непасрэдна хлебаробаў звярнуліся старшыня Бабруйскага райвыканкама Павел Найдзён, старшыня райсавета дэпутатаў Людміла Крычко, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Дзмітрый Бязручкін. Добрага ўраджаю і бязвоблачнага неба пажадаў калегам дырэктар “Харчавіку-Агра” Міхаіл Стрыжэўскі, божай дапамогі і блаславення ў святой справе — настаяцель Свята-Троіцкага прыходу іерэй Аляксей.
Права пачаць жніво — абмалаціць першае калоссе, было даручана лепшым механізатарам філіяла “Харчавік-Агра”: Уладзіміру Юшкевічу і Ігару Гацко, Юрыю Макавееву і Уладзіміру Макавееву, Віктару Крычко і Яўгену Галавацкаму. Тэкст і фота Алены Карпенкі (“Трыбуна працы”).