Тыдзень купалаўскіх чытанняў “Душой і сэрцам служыў Беларусі”
У гэтым годзе Беларусь адзначае 135-годдзе з дня нараджэння класіка нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы. У бібліятэках УК “ЦБС г. Бабруйска” да гэтай падзеі быў прымеркаваны Тыдзень купалаўскіх чытанняў “Душой і сэрцам служыў Беларусі”, які праходзіў з 5 па 12 ліпеня.
У ЦДБ імя А. П. Гайдара на працягу тыдня была аформлена выстава-прысвячэнне “Гордасць зямлі беларускай” і праходзіла акцыя “Як музыка, як песня ветру …”, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі са школьнага лагера ДУА «СШ №2 г. Бабруйска», прадставілі выразнае чытанне вершаў вялікага беларускага класіка. Пры ўдзеле ў літаратурнай віктарыне “Што я ведаю пра Купалу?” карыстальнікі бібліятэкі паказалі высокі ўзровень ведаў пра жыццё і творчасць знакамітага паэта.
У рамках акцыі “Час чытаць на роднай мове” чытачы ГБ імя А.С. Пушкіна мелі магчымасць пачуць вершы класіка са зборнікаў “Мая малітва” і “Спадчына”, а таксама і самі з задавальненнем чыталі яго вершы. Удзельнікі мерапрыемства акунуліся ў атмасферу купалаўскай лірыкі, адчулі прыгажосць роднай беларускай мовы. Абанемент ўпрыгожыла кніжная выстава ў нацыянальным беларускім стылі «Янкаў вянок». Для ўсіх прысутных быў падрыхтаваны відэаэкскурс “З кутка жаданняў”, гучалі песні, напісаныя на вершы Янкі Купалы, а знаёмыя з дзяцінства радкі і мелодыі падарылі ўсім прысутным пазітыўны настрой.
У ГБ № 12 адбыўся вусны часопіс «І не змоўкнуць ніколі ў свеце Купалавы словы…». Бібліятэкар пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з біяграфіяй паэта, узгадала яго спадчыну. Дзеці чыталі любімыя вершы, слухалі і спявалі песні на словы Я.Купалы.