Жыццё і творчасць спыніліся заўчасна…

 

Згадваючы знакамітасцяў бабруйскай зямлі, нельга абыйсці і Платона Раманавіча Галавача, празаіка, публіцыста і грамадскага дзеяча, чыя біяграфія трагічна тыповая для беларускіх савецкіх пісьменнікаў даваеннага часу. 

 Як успамінаў рэпрэсаваны паэт П. Пруднікаў, Платон Галавач быў рослы, стройны, прыгожы малады чалавек з бялявай чупрынай, якой не стараўся закрываць свой шырокі і высокі лоб, з блакітнымі вачамі, белымі, як цукар, зубамі, з правільнымі рысамі твару, на якім заўсёды ззяла ўсмешка, акуратна апрануты і абуты. Пераважна любіў хадзіць у светла-шэрым касцюме і белай кашулі-касаваротцы, вышытай беларускім народным арнаментам і падпяразанай тонкім поясам з кутасамі. Ён заўсёды з кожным быў ветлівы і стараўся трымацца роўным. У час гутаркі ніколі не перабіваў свайго субяседніка. Спачатку даваў магчымасць выказацца яму, а потым ужо гаварыў сам, ніколі ні на каго не павышаў голасу.

Нарадзіўся Платон Галавач у 1903 годзе ў вёсцы Пабокавічы, цяпер — Гарбацэвіцкага сельсавета, тады — Гарбацэвіцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. Сям’я, у якой з’явіўся хлопчык на свет, была сялянскай, малазямельнай. Калі Платону споўнілася паўтара гады, не стала маці, якая да гэтага працяглы час хварэла. Хлопец з маленства дапамагаў бацьку па гаспадарцы, з сямі год наймаўся за пастуха. Калі падрос, стаў вучыцца ў Гарбацэвіцкай царкоўнапрыходскай школе, дзе захапіўся чытаннем кніжак. Любіў пісаць сачыненні, у якіх ужо са школьных год прасочваліся яго літаратурныя здольнасці. А яшчэ захапляўся маляваннем, ды так, што настаўнікі прарочылі яму дарогу менавіта прафесійнага мастака. Але, здольны да навукі, з творчымі задаткамі, юнак выбраў усё ж літаратуру.

Галавач горача ўспрыняў тыя перамены, што адбываліся ў грамадскім жыцці пасля дзвюх рэвалюцый 1917 года. У час белапольскай акупацыі стаў падпольшчыкам, а пасля вызвалення беларускай зямлі ад захопнікаў у верасні 1920 года ўступіў у камсамол, узначаліў камсамольскую ячэйку ў роднай вёсцы, быў байцом атрада асобага прызначэння, потым камандзірам гэтага атрада, хадзіў у разведку, змагаўся супраць бандытаў і дэзерціраў.

Менавіта ў Пабокавічах юнак напісаў свае першыя замалёўкі, невялікія карэспандэнцыі, якія друкаваліся ў бабруйскай газеце «Камуніст». Актыўнага селькора заўважылі і накіравалі на вучобу ў Мінскую аднагадовую партыйна-савецкую школу. На гэты час прыпадае першае знаёмства з ім паэта Міколы Хведаровіча. Усяго адна згадка, але як шмат гаворыць яна аб настроях тагачаснага П. Галавача: “Мой новы сябра прыцягваў да сябе нейкай адметнай шчырай прыхільнасцю і ласкавасцю ў размове і, як мне здавалася, душэўнай дабратой. Расказваючы пра свае Гарбацэвічы, ён успамінаў пра сакратара камсамольскай ячэйкі. Пра суботнікі, якія наладжвала моладзь, пра тое, як хлопцы і дзяўчаты агульнымі сіламі адрамантавалі памяшканне пад клуб. Расказваў Платон і аб тым, што ў іх вёсцы неўзабаве збіраюцца адкрыць хату-чытальню і што ён мяркуе вярнуцца ў Гарбацэвічы, каб працаваць у гэтай хаце-чытальні”. Між тым пасля заканчэння партшколы Платона накіравалі працаваць інструктарам па рабоце з моладдзю пры Барысаўскім павятовым камітэце камсамола. А праз год ён выказаў жаданне працягваць вучобу і стаў студэнтам Камуністычнага ўніверсітэта ў Мінску. Гэты час — пачатак ягонай сталай пісьменніцкай працы. У 1926 годзе Галавач скончыў універсітэт і быў прызначаны загадчыкам аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1928-га — першым сакратаром ЦК ЛКСМБ і рэдактарам газеты «Чырвоная змена».

У хуткім часе Платон Галавач становіцца членам ЦК КПБ (б). У 1929 годзе яго прызначаюць намеснікам народнага камісара асветы БССР. З лістапада 1929-га да сакавіка 1930-га года ён — намеснік наркама асветы БССР. З вясны 1930 года Галавач займаўся выключна літаратурнай працай. Быў адным з кіраўнікоў літаратурных арганізацый «Маладняк», БелАПП. У розны час рэдагаваў часопісы «Маладняк», «Полымя».

З прызначэннем галоўным рэдактарам “Полымя” цудоўна раскрыліся дзелавыя і арганізатарскія здольнасці Платона Галавача. Не кажучы пра тое, што ён умеў згуртоўваць вакол сябе літаратараў. Ён імкнуўся стварыць вакол гэтага часопіса таварыскія ўзаемаадносіны паміж маладымі і старэйшымі пісьменнікамі.

Ян Скрыган выказаў меркаванне:  “…Мне здаецца, што сябравалі з ім усе, і ён нікога не вылучаў і не дзяліў на лепшых і горшых. З кожным ён быў роўна чулым і блізкі… Ён знаходзіў нейкае сваё душэўнае слова, па-свойму раскрываў рэчы і з’явы. Не скупіўся некага пахваліць, нечаму парадавацца ці сказаць у вочы праўду, калі яму што не падабалася”.

Надзвычай прыязна ставіўся да Платона Галавача Янка Купала. Паважаў яго за прынцыповасць, за выразнасць грамадзянскай пазіцыі, за адданасць справе беларускасці. А яшчэ за тое, што ніколі не даваў у крыўду літаратараў. Асабліва маладых, калі ў іх творчасці знаходзілі розныя ідэалагічныя хібы.

Між тым, талент  Галавача, як і многіх іншых пісьменнікаў той пары, не паспеў раскрыцца на поўную сілу па прычынах, далёкіх ад літаратуры. Яго жыццё абарвалася ў тым узросце, калі для пераважнай большасці мастакоў слова толькі наступае перыяд творчай сталасці. У 1937 г. на падставе фальшывых абвінавачванняў Платон Галавач быў рэпрэсіраваны. Падчас вышуку следчыя канфіскавалі ў яго кватэры 67 рукапісных сшыткаў.

Да апошняга гэты чалавек трымаўся мужна. З успамінаў С.П. Шушкевіча (таксама рэпрэсаванага):  “Платона Галавача і Васіля Каваля я бачыў апошні раз 3 кастрычніка 1937 года. Іх прывялі сведчыць супраць мяне. Першым павінен быў гаварыць Галавач. Скатаваны і знясілены, ён доўга маўчаў. Нарэшце Платон Раманавіч загаварыў:

— За ім няма ніякай віны, таксама як за кожным з нас.

Сказаў і заплакаў.

Перад тым як пайсці на суд, Платон Галавач у камеры, дзе яго ўтрымлівалі, пакінуў запіску: «Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон».

28 кастрычніка 1937 на судзе, які доўжыўся ўсяго 15 хвілін, Галавач  прызнаў сябе вінаватым. Тройкай НКУС быў асуджаны як «арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» і за «правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстралялі яго праз некалькі гадзін пасля прысуду. Сям’і было абвешчана, што памёр 25 снежня 1944 у лагеры ад паралічу сэрца. У ліпені 1956 года Платон Галавач быў рэабілітаваны.

У тым жа годзе была рэабілітавана і ягоная жонка Ніна Фёдараўна Вечар, якая ў 1937 годзе таксама была арыштавана і як “член сям’і расстралянага ворага радзімы” асуджана да 8 гадоў карагандзінскага канцлагеру.

Платон Галавач даволі плённа працаваў у жанры малой эпічнай формы, пра што сведчылі тры ягоныя зборнікі апавяданняў: «Дробязі жыцця» (1927), «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934). На прыкладзе апавяданняў добра прасочваецца яго творчая эвалюцыя як пісьменніка. Увагу празаіка прыцягвалі сацыяльныя і духоўныя змены, што адбываліся ў грамадстве. Праз лёс канкрэтнага чалавека паказваліся тыя зрухі, якія мелі месца ў жыцці. Тэматыка шматлікіх аповесцяў, апавяданняў, нарысаў звязана з грамадзянскай вайной і жыццём вёскі. Камуністычныя погляды пісьменніка — безумоўна, даніна часу. Але тое, што Платон Галавач, як і тыя, хто ўваходзіў у літаратуру разам з ім, пісалі свае творы з марай аб новай вёсцы і з верай у гэтую вёску, сумнення не выклікае.

Акрамя трох зборнікаў апавяданняў былі напісаны аповесці: «Вінаваты» (1930), «Спалох на загонах» (1930), «Даляры» (1931), «Носьбіты нянавісці» (1936), «Яны не пройдуць!» (1937), а таксама раман «Праз гады» (1934), нарыс пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала «Ад Мядзведжай гары да Белага мора», а таксама шматлікія публікацыі і літаратурна-крытычныя артыкулы. Творы Платона Галавача карысталіся поспехам, перакладаліся на рускую, польскую, украінскую, чэшскую i iншыя мовы. Многія творы засталіся няскончанымі, у тым ліку кніга пра паўстанне Кастуся Каліноўскага.

Наш зямляк сумленна жыў, сумленна працаваў, гэтак жа пайшоў з жыцця. Імем Платона Галавача названы вуліца і завулак у Бабруйску, вуліца ў Пабокавічах. У 1968 на будынку Гарбацэвіцкай школы, дзе Платон Раманавіч вучыўся, адкрыта мемарыяльная дошка.

У школьным музеі знакамітаму земляку прысвечаны цэлы раздзел, захоўваюцца ягоныя ўласныя рэчы. Экспазіцыя пра Галавача маецца і ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ў в. Сычкава.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Печать
Вам также могут понравиться

НАПИСАТЬ КОММЕНТАРИЙ

avatar
  Subscribe  
Уведомлять меня о

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: