Пасёлак Глуша становіцца брэндам

Каб было зразумела, спачатку крыху гісторыі. Цэнтрам жыцця пасёлка доўгі час быў шклозавод (які заснаваў яшчэ ў ХІХ стагоддзі прадпрымальны памешчык). Большасць тутэйшых жыхароў з’яўлялася работнікамі прадпрыемства, і калі ў канцы 90-х яно абанкруцілася, для Глушы пачаліся па-сапраўднаму цяжкія дні. Але, як паказаў вопыт, выйсце можна знайсці нават з такой складанай сітуацыі. Была б ініцыятыва.

«Глушанскі хутарок» аб’яднаў жыхароў (Марыя Сушчанка злева).

Звярталіся па дапамогу нават да міністра

Марыя Сушчанка вельмі добра памятае той перыяд, бо менавіта ёй з 2007 года даверылі ўзначаліць у Глушы мясцовую ўладу. Адчай, трывога, разгубленасць — гэтыя словы, як ніякія іншыя, характарызавалі настрой, які тады панаваў сярод насельніцтва. Работы не было, народ ехаў на заробкі ў Расію, некаторыя з’язджалі зусім.

Узніклі цяжкасці з вывазам смецця, некаторыя стыхійныя звалкі па памерах нагадвалі міні-палігоны. «Адзін такі мы вывозілі аж некалькі дзён», — успамінае Марыя. Інфраструктура пасёлка хутка прыходзіла ў заняпад. Без шклозавода, які раней быў гарантам усіх сацстандартаў для насельніцтва, не працавалі сістэма ацяплення і водазабеспячэння. Асабліва цяжка было зімой. Аварыйныя брыгады не паспявалі выязджаць на ліквідацыі парываў. Скаргі сыпаліся адна за адной. У некаторых кватэрах падчас маразоў слупок тэрмометра падаў да катастрафічных 10 градусаў. Толькі мадэрнізацыя кацельнай і цепларэнавацыя жыллёвага фонду дапамаглі зняць гэту праблему. «Усё было вельмі складана, гатовых рашэнняў не існавала. Даводзілася ўнікаць у сутнасць праблем, вывучаць іх знутры, шукаць шляхі, як трапіць у тую ці іншую дзяржпраграму. І тут дапамагалі і раённыя, і абласныя ўлады», — расказвае Марыя Сушчанка.

Газ у пасёлак наогул прыйшоў не дзякуючы, а насуперак усім прагнозам. Праблема не вырашалася гадамі. І, магчыма, зацягнулася б яшчэ на невядомы тэрмін. Але дапамог выпадак. Сельвыканкам накіраваў на імя міністра энергетыкі калектыўны ліст, пад якім свае подпісы паставіла амаль 400 чалавек. І гэта спрацавала.

Пажарны пост — наогул асобная гісторыя. Тут таксама без міністра справа не абышлася. Праўда, на той час Уладзімір Вашчанка быў яшчэ начальнікам Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС. «Менавіта да яго прыходзілася неаднаразова звяртацца, каб правільна абгрунтаваць неабходнасць адкрыцця такога аб’екта, — кажа Марыя Сушчанка. — Бо ў той час такія пасты паўсюдна закрываліся. Але Глуша — асобы выпадак. Яна знаходзіцца прыкладна за 30 кіламетраў ад Бабруйска, Асіповіч і Глуска. Пакуль ратавальнікі даязджалі па выкліку, ад палаючага дома заставалася адно вуголле. Мы зрабілі аналіз па пажарах за апошнія некалькі гадоў, палічылі, колькі людзей загінула, — гэтыя лічбы выглядалі пераканаўча. Цяпер пост з поспехам абслугоўвае не толькі Глушанскі сельсавет, але і частку Глускага і Асіповіцкага раёнаў».

Сёння Глуша ўражвае не сметнікамі, а кветнікамі.

Навесці парадак дапамаглі актывісты

Зараз нават не верыцца, што быў такі змрочны перыяд у жыцці Глушы. Летам яна патанае ў кветніках, прысядзібныя тэрыторыі ўпрыгожваюць малыя архітэктурныя формы. Замест сметнікаў і міні-палігонаў — акультураныя пляцоўкі з ёмістасцямі для раздзельнага збору адходаў. Па выніках 2014 года Глуша стала ўзорам па добраўпарадкаванні для ўсёй краіны. Наогул, пачынаючы з 2009 года назва пасёлка ўсё часцей згадвалася ў якасці прыкладу. Сумесная праца выканаўчай ўлады, дэпутатаў і органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па прыцягненні насельніцтва ў жыццё роднага пасёлка тут лічыцца ўзорнай.

Імя мясцовага пенсіянера, дэпутата сельскага і Бабруйскага раённага Саветаў Васіля Амялюсіка ведаюць нават у вобласці. Няўрымслівы глушанец шмат сіл аддае грамадскай рабоце, узначальвае добраахвотную дружыну. Марыя Сушчанка з усмешкай успамінае выпадак, калі ёй патэлефанавалі з Камітэта дзяржкантролю і запрасілі да апарата «памочніка дэпутата Васіля Амялюсіка». Жыхарка Вольга Галецкая, старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі, заўсёды ўдзельнічае ў назіральных камісіях, дапамагае пасялковай уладзе «выхоўваць» «прыхільнікаў» асацыяльнага ладу жыцця. Стараста вёскі Навасёлкі Уладзімір Хроп умее добра арганізаваць насельніцтва на ўборку тэрыторыі, добраўпарадкаванне могілак, іншыя карысныя справы. Не адстае ад яго яшчэ адзін стараста, Васіль Рэкіш, які адсочвае парадак адразу ў некалькіх невялікіх вёсачках. З дапамогай гэтых і іншых актывістаў на тэрыторыі сельсавета традыцыйна праводзяцца акцыі «Лепшы падворак», «Лепшая тэрыторыя Савета», «Наш агульны дом», «Зробім пасёлак прыгажэйшым». Найбольш старанныя ўдзельнікі атрымліваюць лісты з падзякай і сувеніры.

Моцна аб’ядноўваюць глушанцаў і агульныя святы. Ёсць нават свой фестываль. Сем гадоў таму Марыя Сушчанка выпадкова натрапіла ў інтэрнэце на праграму ААН «Падтрымка навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь». Ідэю падтрымаў раённы аддзел культуры. З трох праектаў, якія сельсавет вылучыў на саісканне гранта Еўрапейскага саюза, фінансавую падтрымку атрымалі два, у тым ліку фестываль народных промыслаў і рамёстваў «Глушанскі хутарок». Ён даў новае жыццё тутэйшаму цэнтру рамёстваў, які таксама ледзь не страцілі.

— Бачылі б вы, як жыхары шчыравалі на добраўпарадкаванні пляцоўкі — будавалі сцэну, глядзельную залу пад адкрытым небам. Фестываль атрымаўся па-сапраўднаму душэўным. На наступны год насельніцтва пажадала яго паўтарыць. Цяпер «Глушанскі хутарок» — брэнд не толькі пасёлка, але і ўсяго раёна.

Голас, які чуюць

А вось вопытам, які яна набыла за гады свайго кіраўніцтва, Марыя Сушчанка часта дзеліцца на пасяджэннях Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Членам яго яна з’яўляецца вось ужо чацвёрты год. Гэта дае магчымасць вынесці на ўсеагульнае абмеркаванне самыя хвалюючыя тэмы. А розных супярэчнасцяў у рабоце, кажа старшыня пасялковага Савета, узнікае шмат. Напрыклад, адсутнасць вызначанага тэрміну для ўступлення нашчадкаў у правы на спадчыну перашкаджае плённа працаваць па Указу №100. Ёсць і іншыя заўвагі. На яе погляд, значнае павышэнне кошту пустой пластыкавай бутэлькі значна палепшыла б сітуацыю па экалогіі і добраўпарадкаванні. Вырашыць экалагічную праблему дапамагло б і павышэнне адміністрацыйнай адказнасці грамадзян за выкінутае ў забароненым месцы смецце. А для тых, хто прадставіць адпаведны фота-відэадоказ, не дрэнна было б прадугледзець узнагароду. Дарэчы, у тым, што цяпер мы пачалі актыўна займацца раздзельным зборам камунальных адходаў, ёсць заслуга і Марыі Сушчанкі. Калісьці яна настойліва агучвала гэту ідэю на Савеце па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. Гэта не значыць, што праграма з’явілася менавіта з яе падачы. Але голас старшыні пасялковага Савета, магчыма, стаў яшчэ адным аргументам для таго, каб яна рэалізавалася.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

zіgulуа@zvіаzdа.bу.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Печать
Вам также могут понравиться

1
НАПИСАТЬ КОММЕНТАРИЙ

avatar
1 Comment threads
0 Thread replies
0 Followers
 
Most reacted comment
Hottest comment thread
1 Comment authors
Алла Recent comment authors
  Subscribe  
новым старым рейтингу
Уведомлять меня о
Алла
Гость
Алла

Машенька — красавица, умница, грамотный руководитель, прекрасная мама, замечательный друг! Вот такие люди и должны быть у власти!!!

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: